ВІ́ЛЕНСКАЕ ВАЯВО́ДСТВА,

1) адм-тэр. адзінка ў 1413—1795 у ВКЛ і Рэчы Паспалітай. Цэнтр — г. Вільня. Утворана паводле Гарадзельскага прывілея 1413. У Віленскім ваяводстве ўвайшла большая частка зах., цэнтр, і ўсх. зямель Беларусі, тэр. паўн.-ўсх. літ. зямель. Фармальна ў Віленскае ваяводства ўваходзілі Клецкае (да 1521) і Мсціслаўскае (да 1529) княствы, якія фактычна былі аўтаномныя. У Бабруйскай воласці мела цераспалосныя ўчасткі з Трокскім ваяводствам — «віленскую палавіцу» (г. Бабруйск і 18 сёл). У 1507 са складу Віленскага ваяводства вылучана і ўтворана Навагрудскае ваяводства, пасля адм.-тэр. рэформы 1565—66 — Мінскае ваяводства; у Віленскім ваяводстве засталося 5 пав. (Ашмянскі, Браслаўскі, Віленскі, Вількамірскі, Лідскі). У 1514—1611 і ў 1654—1793 на тэр. Віленскага ваяводства намінальна існавала экстэрытарыяльнае Смаленскае ваяводства. У 1793 Браслаўскі пав. пераўтвораны ў ваяводства. У 1795 Віленскае ваяводства ўвайшло ў склад Рас. імперыі, на яго тэр. ўтвораны Віленская губерня і Слонімская губерня.

2) Адм.-тэр. адзінка на тэр. Зах. Беларусі ў складзе Польшчы ў 1922—39. Пл. 28,9 тыс. км, нас. 1275,2 тыс. чал. (1931). Цэнтр — г. Вільня. Паводле ўмоў рас.-літ. дагавора 12.7.1920 урад РСФСР фармальна перадаў гэтыя землі Літве, але фактычнай перадачы не адбылося. 9.10.1920 яны былі захоплены польск. войскамі ген. Л.Жалігоўскага і на іх тэр. ўтворана Сярэдняя Літва, якая 20.2.1922 была далучана да Польшчы. Віленскае ваяводства ўключала 9 паветаў. У час 2-й сусв. вайны ў вер. 1939 Віленскае ваяводства занята часцямі Чырв. Арміі. Паводле сав.-літ. дагавора 10.10.1939 тэр. Віленскага краю (г. Вільня, Віленска-Трокскі і б.ч. Свянцянскага пав.) перададзена Літве, на астатняй тэр. ў снеж. 1939 утворана Вілейская вобласць.

А.П.Грыцкевіч.

т. 4, с. 162

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)